“Скарына” на сцэне і ў сэрцах гледачоў

У апошнія часы назіраецца збядненне духоўнага свету вучняў, перанасычэнне яго свядомасці інфармацыяй з розных СМІ, Інтэрнэт-крыніц, страчваецца сувязь з культурнай спадчынай народа, змяняюцца многія жыццёвыя арыенціры падрастаючага пакалення. Як змяніць сітуацыю? Як выхаваць духоўна багатую і ўсебакова развітую асобу, сэнс жыцця якой быў бы цесна звязаны з лёсам народа, краіны? Гэтыя пытанні хвалююць, на маю думку, кожнага педагога сучаснай школы. Актуальнымі яны сталі і для настаўнікаў нашай школы, якія ўсімі магчымымі сродкамі імкнуцца змяніць сітуацыю ў лепшы бок.

У рамках папулярызацыі беларускай мовы 15 лістапада вучні 6-х і 7-х класаў разам з класнымі кіраўнікамі наведалі Магілёўскі абласны драматычны тэатр і паглядзелі цудоўны спектакль “Скарына”.

Прэм’ера спектакля адбылася ў лістападзе 2016 годзе. Драму пра жыццё і лёс беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны прадставіў рэжысёр Саулюс Варнас паводле п’есы, напісанай у суаўтарстве з беларускім драматургам Мікалаем Рудкоўскім. На сцэне, бы ў густоўным шоу фокусніка, з’яўляюцца дзяўчаты на шарах і веласіпедах, жывыя пітоны, старонкі раскрытай кнігі натуральна пачынаюць гарэць, расліна з’яўляецца з пяску, як трус з цыліндра. Галоўная мэта праекта- расказаць пра духоўны подзвіг цудоўнага чалавека, выдатнага дзеяча беларускай культуры.

Вучні з цікавасцю сачылі за падзеямі на сцэне, якія распавядалі пра некаторыя цікавыя факты асабістага жыцця вядомага беларускага першадрукара. Несумненна, што новыя звесткі дапамогуць вучням пры вывучэнні біяграфіі вядомага асветніка на ўроках беларускай літаратуры.

Спектакль нікога не пакінуў раўнадушным. Дзякуй вам, таленавітыя акцёры, дзякуй рэжысёру за асалоду ад прагледжанага!

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Адзіянава Ірына Алегаўна