ГУЧЫ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА

Кожны чацвер мы прысвячаем больш глыбокаму знаёмству з роднай мовай і літаратурай. Я прапаную вучням звярнуцца да мінулага і зазірнуць на старонкі народнай мудрасці, а дакладней, да беларускіх прыказак. Усю сваю мудрасць і ўвесь свой вопыт народ даслаў да нас у выглядзе кароткага выслоўя з павучальным сэнсам. Прыказкі даюць адказ на самыя важныя праблемы жыцця: значэнне працы, сяброўства, вучобы, любові да роднай зямлі.

Прыказкі запісаны на дошцы ў два слупкі: першая палова прыказкі — у першы слупок, а другая палова – у другі. Вучні 2 класа толькі пачалі вывучэнне роднай мовы, таму веды і слоўнікавы запас у іх невялікі. Аднак, дзе інтуітыўна, дзе знаходзячы рыфму, дзеці з задавальненнем пачалі пошук прыказак. Былі выпадкі, калі разгаралася гарачая спрэчка “Ці так сабралі прыказку?” Разам з настаўнікам вучні тлумачылі сэнс народнай мудрасці. Напрыканцы ўсе былі задаволены – прыказкі сабраны, сэнс растлумачаны.

Такім чынам, вучні не толькі пашырылі свае веды па роднай мове, а яшчэ раз пераканаліся ў тым, што трэба любіць i берагчы свой родны кут, свой край, тую краіну, дзе нарадзіўся, дзе жылі твае продкі, умець працаваць; цаніць сяброўства і быць добразычлівым; вучыцца ўсё жыццё, таму што «для вучэння няма старасці». Яны пажадалі, каб беларуская мова гучала заўсёды з вуснаў кожнага чалавека, каб яна заставалася такой жа мілагучнай, якой пакінулі нам продкі.

Апідовіч Святлана Яўгенаўна,
настаўніца 2 “В” класа